Беларускія вытворцы дастаткова аператыўна адрэагавалі на "малочную вайну" з Расіяй. Прынамсі, Добрушскі фарфоравы завод вырашыў падтрымаць малочныя прадпрыемствы прапагандысцкімі метадамі - у продаж паступілі адмысловыя кубкі з надпісам "І love milk" і выявамі хітрых дзяўчынкі ды хлопчыка.
Дарэчы, той жа Добрушскі фарфоравы завод прапануе так званыя "наборы для малака", відаць, з тымі ж прапагандысцкімі мэтамі. Кошт кубка "I love milk" складае трохі болей за Br2000, "набораў для малака" - каля $ 8-9. Кали меркаваць па гасцёўні сайта заводу, то схаваная прапаганда беларускага малака актыўна вядзецца і на расійскі рынак.
Даеш у кожную расійскую сям'ю набор для беларускага малака! :)
Вечар. Жоўта-ліхтарныя вуліцы. Маршрутка нясецца ў спальны раён. Пасажыры мараць пра дамашнія катлеты і тэлевізар. І от пля - чарговая паднятая рука на прыпынку. У салон увальваецца карэнасты мужычок з паўлітрай алкаголю ў страўніку: - Шэф, да Маскоўскай даеду? - і плюхаецца на вольнае месца. - Гы-гы... - вадзіла ржэ і кажа, - не, братку, Маскоўская ў другі бок. Катлеты павольна сплылі са свядомасці грамадзян. А мужычок тупіць. Сядзіць і тупіць. І праз колькі дзесяткаў секундаў выдае: - А мне здаецца, што Маскоўская ў гэты бок! - Хмых, - выдае вадзіла і кранаецца з месца, - ну ў той дык у той, паехалі на Ландэра... - Мдзя.... - уздыхае мужычок. - Даўно на ландэра ня быў.... Але ўсё ж такі там - Маскоўская.
Жыў-быў мядзведзь. Нармальны такі сібірскі мядзведзь. Як водзіцца, граў на балалайцы і піў гарэлку. А аднайчы выйграў у лато пуцёўку ў Еўропу. І паехаў са сваёй Сібіры ў Мінск. Прыехаў, агледзеўся: не па-хрысціянску тут. Цёпла, зіма слякотная. Пакумекаў трохі мядзведзь і прадаў балалайку. А грошы аддаў Уладару тэрмометра. І зараз мядзведзь як дома - на табло роўненька -52. Эх, Сібір, Сібір....
Шэлест клавішаў на ноўце. Сапенне соннага суседа па пакойчыку. Трактарны гул лядоўні. Звонка мокрае капанне вадзічкі з крана. Стогны дзяўчыны ў суседнім пакойчыку, па якіх чуваць, што там сусед - мужык.
Дыялог у краме. За вітрынай з кілбаснымі вырабамі стаіць прадавачка і мэтанакіравана спрабуе запіхнуць цэтлік з цаной у пластыкавы трымальнік. Набіраюся нахабнасці і перарываю яе медытацыю: - Мне, калі ласка, тры сасіскі доктарскіх узважце... Рэакцыі нуль. Прадавачка з тым жа самым імпэтам піхае цэтлік. Чакаю. Нарэшче, праз пару хвілінаў, кілбаса на вітрыне займела кошт. Прадавачка падымае на мяне вочы: - Якіх? - Доктарскіх... Праз невялікую паўзу: - Пакажыце іх на вітрыне. Тыкаю пальцам ў свежа-ружовыя сасіскі. Прадавачка выцягвае шыю як гусыня, заглядвае ў вітрыну, адыходзіць на два крокі, лезе пад стол, выцягвае адтуль тры сасіскі і вялікі нож. І намерваецца ўжо нешта крамсаць: - Дзве кажаце? - Тры. Кідае іх на вагі, прылеплівае цэтлік і аддае мне. Нарэшце.